СТРА́ЎНІКАВЫ СОК,
сакрэт, які выдзяляецца залозамі слізістай абалонкі страўніка. Удзельнічае ў страваванні.
Бясколерная вадкасць. У саставе С.с. чалавека ферменты пратэіназы (пепсінаген, пепсін, гастрыксін і інш.), невял. колькасць ліпазы, саляная к-та і слізь (муцын). Гал. фермент — пепсін, які лепш функцыянуе ў кіслым асяроддзі. Кіслата змесціва страўніка абумоўлівае бактэрыцыдныя ўласцівасці, абясшкоджвае непатрэбныя бактэрыі і інш. мікраарганізмы, што трапляюць у арганізм чалавека з ежай. С.с. утрымлівае таксама ўнутр. антыанемічны фактар, што неабходны арганізму для засваення вітаміну B12. Стымулюе выдзяленне гармонаў кішэчніка. Слізь С.с. ахоўвае сценку страўніка ад мех. і хім. раздражняльнікаў. За суткі ў чалавека выдзяляецца 2 л С.с. Колькасць і састаў мяняюцца ў залежнасці ад характару ежы, пры захворваннях органаў стрававання. У медыцыне выкарыстоўваецца С.с., атрыманы ад жывёл.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)